Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Женщина-педагог. Лицо мужества (Великая Отечественная война: 1941-1945 гг.)

Шырына Ксенія Іванаўна

Шырына Ксенія Іванаўна нарадзілася у вёсцы Працавічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Вясковая дзяўчынка закончыла сельскую школу і стала студэнткай Слуцкага педвучылішча, дзе за свае поспехі заваявала павагу сакурснікаў і выкладчыкаў.

У 1940 годзе Ксенія Іванаўна закончыла Слуцкае педвучылішча і была накіравана на працу загадчыцай Мяжылескай школы Старадарожскага раёна і настаўніцай 1 класа. Дзеці і іх бацькі адразу адчулі, што ім пашанцавала. Добрая і строгая, вясёлая і сур’ёзная, Ксенія Іванаўна сумела аб’яднаць дзяцей і іх бацькоў, вучыла іх любіць школу і вучобу. 

Але нядоўга працавала маладая настаўніца. Хутка пачалася вайна, школа была зачынена, і Ксенія Іванаўна занялася сельскай гаспадаркай. Са школы яна прывезла патэфон, і ў яе дома стала збірацца молалзь. Яны ўсе разам раіліся, што рабіць. Будучы камандзір атрада, студэнт Мінскага медыцынскага інстытута Бемко Мікалай Данілавіч, паручаў заданні кожнаму з іх. Ксенію Іванаўну накіравалі ў Катоўскую школу Слуцкага раёна, дзе яна працавала настаўніцай пачатковых класаў. З вучнямі яна праводзіла гутаркі аб падзеях на фронце, аб перамозе нашага народа над фашысцкімі акупантамі. За гэта яна была арыштавана і пасаджана ў турму ў вёсцы Цараўцы, дзе размяшчаўся паліцэйскі гарнізон. Сем дзён яе дапрашвалі, але яна нічога не сказала. Будучы муж Грыневіч Сямён сабраў подпісі, што яна невіноўная, прынёс у паліцыю, і яе адпусцілі. На наступны дзень сем’я Шырынай Ксеніі Іванаўны пайшла ў партызанскі атрад брыгады Чкалава, які размяшчаўся ў вёсцы Азломль Любанскага раёна. Затым паліцэйскі гарнізон у вёсцы Цараўцы быў рагромлены. За ўдзел у гэтай аперацыі Ксенія Іванаўна атрымала падзяку ад камандавання брыгады. Адважная партызанка выконвала розныя даручэнні, у тым ліку хадзіла на падрыў чыгуначнай дарогі Слуцк- Баранавічы. Калі ішлі на заданне ў бок Урэчча, злавілі перакладчыцу i двух немцаў i атрымалі ад ix цэнныя звесткі.

Асабліва запомнілася Ксеніі Іванауне, калі яна з групай партызан перапраўляла на пароме цераз Пціч прадукты і адзенне воінам на фронт. Пераправіўшы ўсё, яны вярталіся ў атрад. Немцы заўважылі іх і адкрыў агонь. Многія загінулі, Ксенія Іванаўна засталася жывая. Яна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны і шасцю медалямі,

Закончылася вайна. Ксенія Іванаўна і Сямён Грыневіч пажаніліся і прыехалі жыць у вёску Малыя Гарадзячыцы Любанскага раёна. Ксенія Іванаўна была накіравана на працу настаўніцай пачатковых класаў Малагарадзячыцкай сярэдняй школы. У яе ўсё атрымлівалася. І дзеці любілі яе, і бацькі паважалі.

Яе крэда простае і вечнае: любіць, паважаць у вучні асобу, верыць у яго магчымасці, падтрымліваць лепшае. Яна была добрай і яскравай, не шкадавала дзецям цяпла i ласкі. У 2002 годзе Ксеніі Іванаўны не стала. Але яе помняць вучні, якіх яна вучыла, жыхары вёскі, а таксама яе калегі па працы.

 

 

Разделы сайта